МНС з дапамогай спадарожніка пастаянна адсочвае сiтуацыю з ляснымi пажарамi («Рэспубліка»)
МНС пачало касмічны маніторынг пажараў у экасістэмах. Тэхналогія сябе добра зарэкамендавала. Так, летась спецыялісты прааналізавалі больш за 1,8 тысячы касмічных здымкаў. Па яго выніках выявілі 53 пажары. Нароўні з касмічным маніторынгам выкарыстоўваюцца авіяцыйныя падраздзяленні МНС для працы на мясцовасці. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, як ратавальнікі плануюць выяўляць і ліквідаваць пажары ў экасістэмах сёлета.

У краіне дзейнічае трохступеньчатая сістэма маніторынгу лясных пажараў
У краіне дзейнічае трохступеньчатая сістэма маніторынгу. Верхні ўзровень — гэта касмічны маніторынг з дапамогай Нацыянальнага аператара беларускай касмічнай сістэмы, які забяспечвае палёты БКА-1 (Беларускага касмічнага апарата). Спадарожнікі дазваляюць выяўляць цеплавыя анамаліі. У тым ліку пажары ў экасістэмах на ранніх стадыях. Гэта асабліва эфектыўна для маніторынгу стану лясоў і тарфянікаў на аддаленых ад населеных пунктаў адлегласцях. Напрыклад, у Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку.
— У 2015 годзе менавіта дзякуючы спадарожніку ўдалося выявіць пажар, які распаўсюджваўся на прымежнай тэрыторыі Украіны ў зоне радыялагічнага запаведніка, — начальнік Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Арцём Іваноў паказвае архіўныя здымкі, на якіх добра бачны шлейф дыму і фронт пажару, што ішоў у наш бок. — Такія пажары асабліва небяспечныя. Радыенукліды трапляюць у дым і ў выглядзе воблака разносяцца ветрам. Сумеснымі намаганнямі беларускіх і ўкраінскіх ратавальнікаў пажар удалося спыніць за восем сотняў метраў ад мяжы.
Наша краіна таксама ўваходзіць у склад Міжнароднай хартыі па космасе і буйных катастрофах, якая дазваляе атрымаць бясплатны доступ да дзясяткаў спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі дзяржаў—партнёраў гэтага пагаднення.
— Інфармацыя са спадарожніка ў адпаведнасці з палётным заданнем перадаецца Нацыянальнаму аператару беларускай касмічнай сістэмы, — пакрокава апісвае прынцып працы касмічнага маніторынгу Арцём Іваноў. — Яна прыходзіць у выглядзе лічбавага кода. Для яго візуалізацыі сумесна з Акадэміяй навук распрацаваны адмысловы праграмны комплекс. Ён аўтаматычна наносіць на карты кропкі цеплавых анамалій з GPS-прывязкай.
Дарэчы, акрамя пажараў касмічны маніторынг актыўна выкарыстоўваецца для выяўлення вясновай паводкі і падтапленняў.
Уся інфармацыя касмічнага маніторынгу паступае ў аддзел маніторынгу і прагназавання МНС. І адлюстроўваецца на вялікіх маніторах. Спецыялісты супастаўляюць карты з інтэрактыўнымі рэсурсамі. Напрыклад, з данымі з расійскіх спадарожнікаў аб пажарах у экасістэмах на тэрыторыі Расіі. Маніторынг вядзецца кругласутачна і без выхадных:
— Падчас супастаўлення інфармацыі частка кропак адсейваецца. Напрыклад, мы атрымалі са спадарожніка кропку цеплавой анамаліі. На справе можа аказацца, што гэта зусім не пажар. Улетку бывалі выпадкі, калі спадарожнік рэагаваў на разагрэты камбайн у полі.

Удакладненую інфармацыю спецыялісты перадаюць у рэгіянальныя падраздзяленні МНС для праверкі ў палявых умовах
Удакладненую інфармацыю спецыялісты перадаюць у рэгіянальныя падраздзяленні МНС для праверкі ў палявых умовах. Найбольш хуткі спосаб дабрацца да патрэбнай кропкі — верталёт ці беспілотнік. Яны дазваляюць выратавальнікам з вышыні ацаніць плошчу ўзгарання і шкоду, супаставіць даныя касмічнага маніторынгу з рэальнай сітуацыяй. Даныя авіяразведкі аператыўна перадаюцца ў Цэнтр кіравання. Тут прымаецца рашэнне аб тым, якія сілы і сродкі засяродзіць на тушэнні пажару. Дарэчы, у пажаранебяспечны перыяд верталёты ў адпаведнасці з маршрутным заданнем выконваюць аблёт найбольш небяспечных участкаў, па даных дзесяцігадовых назіранняў, кожныя суткі.
Трэці ўзровень маніторынгу — наземны. Ён уключае ў сябе шырокі комплекс прыладаў і праграм. Гэта ў тым ліку відэакамеры, аснашчаныя праграмай аналізу. Такая камера здольная распазнаць дым ці языкі полымя і дыстанцыйна перадаць сігнал дыспетчару.
Наш спадарожнік аптычны. Таму шчыльная воблачнасць уплывае на якасць здымкаў. Часцяком бываюць такія пахмурныя дні, што ажыццяўляць дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі не ўяўляецца магчымым. У такіх выпадках выручаюць расійскія калегі, спадарожнікі якіх баражыруюць над нашай тэрыторыяй.
— У спадарожніка даволі шырокі вугал агляду, — дадае Арцём Іваноў. — Таму ён захоплівае яшчэ дзясяткі кіламетраў тэрыторый сумежных дзяржаў. Тыдзень таму дзякуючы касмічнаму маніторынгу мы выявілі цеплавую анамалію на тэрыторыі Смаленскай вобласці недалёка ад нашай мяжы. Перадалі інфармацыю расійскім калегам для праверкі. Факт пажару пацвердзіўся. Пажар удалося патушыць на пачатковай стадыі.
Чытаць на сайце «СБ. Беларусь сегодня».
Будь готов
Другие новости
Назад
МЧС Беларуси