image description

МЧС Республики Беларусь

Як перазімаваць без праблем? ("Звязда")

912

У гэтыя дні ў Беларусі праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях разам з прадстаўнікамі іншых міністэрстваў і ведамстваў, сярод якіх праваахоўнікі, супрацоўнікі энерганагляду, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведваюць сем'і, дзе выхоўваецца шмат дзяцей, а таксама тыя, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама старых, якія жывуць адны. Карэспандэнты «Звязды» адправіліся на Чэрвеньшчыну, каб пабачыць усё на свае вочы.


Насельніцтва Чэрвеньскага раёна складае каля 32 тысяч чалавек. Прыкладна трэць з іх — жыхары раённага цэнтра. Шмат сярод іх людзей старых. І 440 шматдзетных сем'яў.

Адна з такіх, сям'я Тоўсцікаў, жыве ў прыгожым дагледжаным доме. Дома мы застаём гаспадыню Валянціну Анатолеўну.

— У нас праходзіць акцыя «За бяспеку разам!», — кажа інспектар нагляду і прафілактыкі Чэрвеньскага РАНС Кірыл Бажко. — Абследуем, як дом падрыхтаваны да зімы. У вас якая сістэма ацяплення? І калі вы апошні раз правяралі вентыляцыйныя каналы?

— Грэемся мы газам. А вентыляцыйныя каналы правяралі месяц таму, як і кацёл. Вось усе дакументы. Праводка новая, пажарныя апавяшчальнікі стаяць ва ўсіх жылых пакоях і выведзены на вуліцу.

— Зараз праверым, як працуе, — кажа Кірыл Бажко і падносіць ручку да апавяшчальніка. Праз некалькі секунд той пачынае пішчаць.

— Апавяшчальнік паставілі летась, літаральна праз некалькі дзён пасля таго, як з'явіўся трэці малы, — кажа гаспадыня. — Муж замяніў батарэйку, калі прыбор пачаў пішчаць. Дома ён стараецца не курыць, каб мы не дыхалі дымам. Адзінае — застаўся толькі касметычны рамонт, але яго мы зробім налета.

Па наступным адрасе нас сустракае вельмі гасцінная і жвавая бабуля Зінаіда Ярашэвіч. Нават і не верыцца, што ёй ужо за 70 гадоў. Жыве яна адна. 50-гадовы сын памёр два гады таму. А больш дзяцей у старой не засталося. Затое бабулі дапамагае ўнук, які жыве і працуе ў Чэрвені. Дом зараз рамантуецца — на падлозе ляжыць скручаны лінолеум, шпалеры таксама паказваюць на тое, што іх неўзабаве заменяць.

— Печка ў вас у добрым стане, — кажа Кірыл Бажко. — А прыпечны ліст?

— Збоку. Тут печка крыху нестандартная, і таму топка каля сцяны.

— Бабуля, нельга ж было праводку фарбаваць! — зазначае дзяржаўны інспектар Чэрвеньскай раённай інспекцыі энерганагляду Дзмітрый Камінскі. І сапраўды, праводка ў хаце мае незвычайны чорны колер.

— Чаму гэта? — вельмі здзіўляецца старая. — Я ж хацела, каб было прыгажэй.

— Таму што ізаляцыя становіцца гаручай. А ў вас яшчэ і пад шпалерамі правады пакладзены. А калі прабой здарыцца? Вы ж не заўважыце, што нешта не так. І будзе пажар.

— А я карабы пастаўлю. Вось калі будзем клеіць новыя шпалеры, тады і памяняю. З унукам усё зробім.

— Вы патэлефануйце яму, каб ён яшчэ комін праверыў.

— А ўнук ужо злазіў на гарышча. Ён да мяне перыядычна прыходзіць і ва ўсім дапамагае.

— Нешта я тут у вас аўтаномны пажарны апавяшчальнік не бачу, — кажа Кірыл Бажко.

— Гэта вы яго не заўважылі, — пасміхаецца старая. — Вось жа ён, над дзвярыма. Мне сказалі, што калі батарэйка стане слабой, то апавяшчальнік пачне пішчаць. Але пакуль усё ціха.

— Трымайце памятку па электрабяспецы, — кажа Дзмітрый Камінскі. — А па праводцы ўсё ж не зацягвайце. Зіма наперадзе, не самы лепшы час для рамонту...

— Зробім! — упэўнена кажа бабуля. — Вось я ўжо лінолеум купіла, спачатку яго заменім. А пасля за праводку возьмемся...

Гаспадар наступнага дома — пенсіянер Мікалай Шыбко. Хоць даўно жыве ён адзін, але візуальна гэтак не здаецца. Унутры ўсё чыста прыбрана. Ложак засцелены, над ім прымацаваны радыёпрыёмнік. На экране тэлевізара — кадр нейкага серыяла. Здаецца, што гаспадыня кудысьці выйшла... Але насамрэч Мікалаю Барысавічу дапамагае сацыяльны работнік.

— Якое ў вас ацяпленне? — пытаецца Кірыл Бажко.

— Газавае. Кацёл у прыбудове. Апавяшчальнікі тут. Спецыялісты газавай службы прыходзілі да мяне ў жніўні. Усе дакументы ёсць.

— А навошта вы заклеілі праводку шпалерамі? — пытаецца Дзмітрый Камінскі. — Трэба ж перарабіць.

— Гэта яшчэ было да мяне зроблена... Я шмат часу правёў у бальніцы, і таму не мог займацца рамонтам.

Нашу ўвагу прыцягвае комін. На ім візуальна бачна трэшчына.

— А вось яго неабходна адрамантаваць, — кажа Кірыл Бажко. — Так, ён у вас пабелены. Значыць, калі не ўвесь дым пойдзе на вуліцу, то вы заўважыце. Аднак усё роўна, у раёне бываюць пажары з-за няспраўных печаў.

— Даўняя гісторыя. Во, бачыце, як бэлька крыва ляжыць? Ды і дом крыху «гуляе», што заўважна па дзвярах, якія часам складана адчыняюцца. Таму я папрасіў, каб мне патынкавалі комін, але ж сажы пакуль няма, як бачыце...

— А электрабойлер ёсць у вас?

— Ёсць. Але я ім узімку карыстаюся, — запрашае Мікалай Шыбко ў прыбудову.

— Не зусім правільна ён у вас падключаны, — кажа Дзмітрый Камінскі.

— А што з ім не так? — цікавіцца стары.

— Каб разгрузіць электрычную сетку, мы рэкамендуем рабіць для яго асобнае падключэнне з дыф-аўтаматам. У рэжыме нагрэву бойлер усё-такі спажывае шмат электрычнасці. Я пакіну вам памятку, каб вы паглядзелі, як гэта правільна робіцца.

— У мяне пробкі стаяць аўтаматычныя. І я адначасова не ўключаю бойлер з чым-небудзь, бо разумею, што занадта вялікая нагрузка будзе.

— Пробкі могуць яе не заўжды адчуваць, — тлумачыць Дзмітрый Камінскі. — Можа здарыцца так, што корпус пачне праводзіць ток. Стоячы басанож на кафельнай падлозе, можа атрымаць удар токам. Дыф-аўтамат жа адразу выб'е...

А вось у Тамары Гус, якая выхоўвае двух дзяцей з парушэннямі развіцця, з праводкай, печкай і апавяшчальнікамі ўсё аказалася добра. Больш за тое — апавяшчальнікі ў іх доме стаяць нават у калідоры. Сістэма спраектавана так, што спрацоўванне апавяшчальнікаў пачуюць не толькі гаспадары, але і суседзі па вуліцы. Сацыяльная служба прывезла, сярод іншага, для сыноў гаспадыні невялікі сюрпрыз — мяккія цацкі. І ў вачах дзяцей загарэлася іскрынка...

Чытаць на сайце газеты "Звязда".

Будь готов

Другие новости


Назад
Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть

Территориальные управления

Закрыть