image description

Столькi вады сплыло (газета "Рэспублiка")

1438

У МНС распрацавалі аўтацыстэрну падвышанай праходнасці, здольную перавозіць 14 тон вады. 

Інавацыю прапанавалі ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. Новая канструкцыя цыстэрнаў пажарных аўтамабіляў атрымалася больш трывалай за існуючыя ў краіне аналагі і дазволіць перавозіць значна больш вогнетушыльнага сродку. Гэта дапаможа ратавальнікам хутчэй дабірацца да цяжкадаступных месцаў, ліквідаваць пажары ўдалечыні ад водных крыніц, а таксама знізіць колькасць пазапланавых рамонтаў пажарных аўто. Карэспандэнт «Р» даведалася пра сутнасць распрацоўкі.

Сяргей КАРАТКЕВІЧ: «Каб вымераць усе ўнутраныя элементы цыстэрны, не адну гадзіну правёў унутры яе з рулеткай у руках».


Праект распрацаваў выкладчык кафедры прамысловай бяспекі Сяргей Караткевіч. Да ўніверсітэта ён тры гады быў начальнікам варты Веткаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Кіраваў аварыйна-выратавальнымі пад­раздзяленнямі, выязджаў на пажары і ўдзельнічаў у іх тушэнні. Тады і нарадзілася ідэя мадэрнізаваць цыстэрны: 
— Уявіце, што машына накіроўваецца да месца пажару па бездарожжы: выбоістай прасёлкавай дарозе або грузкім полі. Калыханні вады і рэльеф мясцовасці разам даюць вялікую нагрузку на цыстэрны. Яны пашкоджваюцца і патрабуюць рамонту, часта сур’ёзнага.

Машыны, бывае, падоўгу прастойваюць у вытворча-тэхнічных цэнтрах, дзе спецыялісты ліквідуюць цечы. Сяргей Карат­кевіч знайшоў выхад, як гэтага пазбегнуць.

— Эксплуатацыйная надзейнасць усіх цыстэрнаў забяспечваецца наяўнасцю хва­лярэзаў і рэбраў цвёрдасці, — распрацоў­шчык круціць у руках макет праекта. — Калі іх правільна размясціць, аптымізаваць памеры і форму, дапоўніць рас­працаванымі элементамі, мы сур’ёзна павысім трываласць, павялічым тэрмін эксплуатацыі і міжрамонтны перыяд.

Каб павысіць тэхнічныя маг­чымасці пажарных аўтацыс­тэрнаў, прыйшлося добра папрацаваць. Да прыкладу, адмысловымі прыборамі вымераць вібрацыі ў самых розных рэжымах — пры паскарэнні, тармажэнні, павароце аўто, руху па дарогах з розным пакрыццём. Пралічыць ціск. Вызначыць зоны канструкцыі, якія падвяргаюцца вялікай нагрузцы.

— Каб вымераць усе ўнут­раныя элементы цыстэрны, не адну гадзіну правёў унутры яе з рулеткай у руках, — успамінае Сяргей Караткевіч. — Магчымасці сучасных праграмных сродкаў дазволілі аца­ніць стан канструкцый пры розных рэжымах руху, што раней у разліках не ўлічвалася.

Дарэчы, запас трываласці канструкцый удалося павялічыць больш як на 30 працэнтаў — вынік пацвярджаюць камп’ютарнае мадэліраванне, навуковыя даследаванні і рэальныя эксперыменты. Некалькі пажарных машын ужо мадэрнізаваны, яны працуюць на базе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС. Распрацоўшчык запэўнівае: у хуткім часе методыку асвояць і ў іншых рэгіёнах краіны — машын, якія варта мадэрнізаваць, у нас шмат. Дарэчы, распрацоўка ўніверсальная — можа ўжывацца і для іншай тэхнікі, якая перавозіць вадкасці, нават небяспечныя. 


На распрацаваную канструкцыю цыстэрны атрыманы патэнт.


Акрамя паляпшэння надзейнасці цыстэрнаў, Сяргей Генадзьевіч звярнуў увагу і на іх аб’ём. Распрацоўшчык тлумачыць на пальцах:

— Па статыстыцы, 98 працэнтаў людзей гіне ў самым пачатку пажараў або НС. Таму выратавальнікам трэба дзейнічаць максімальна хутка. Поспех тушэння пажару шмат у чым залежыць ад наяўнасці побач водных крыніц. Калі ў горадзе гэта рэальна, то ў сельскай мясцовасці сітуацыя нашмат складаней, таму што вада можа знаходзіцца далёка ад ачага пажару. Тады супрацоўнікі МНС вымушаны выклікаць падмогу і арганізоўваць падвоз вадкасці.

Сёння ў асноўным па краіне эксплуатуюцца пажарныя машыны з цыстэрнамі ўмяшчальнасцю 5 тон. Бесперабойна яны могуць падаваць ваду на працягу 6 хвілін. Калі ж цыстэрна будзе змяшчаць 14 тон вадкасці, то гэты час павялічыцца аж да 17 хвілін.

— Нашай распрацоўкай зацікавіўся адзін з беларускіх вытворцаў пажарнай тэхнікі. І калі некаторыя элементы па паляпшэнні трываласці цыстэрнаў ужо ўкаранёныя ў вытворчасць, то выпуск 14-тонных канструкцый толькі справа часу, — агучвае планы Сяргей Караткевіч. — Рэалізаваць задуманае атрымалася дзякуючы падтрымцы і дапамозе майго навуковага кіраўніка доктара тэхнічных навук, прафесара Вадзіма Коўтуна.

Дарэчы, на распрацаваную канструкцыю цыстэрны атрыманы патэнт, а сам праект увайшоў у фінал рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». 

газета Рэспубліка

Искать похожие новости:

Будь готов

Другие новости


Назад
Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть

Территориальные управления

Закрыть