Гісторыя аднаго пажару. Адноўлены з попелу спарткомплекс «Алімпійскі» ("Звязда")
Спартыўны комплекс «Алімпійскі» размясціўся ў сталіцы ў маляўнічым месцы — паблізу лес, штучнае возера, канал Сляпянскай воднай сістэмы, цішыня навокал... І зусім не скажаш, што 34 гады таму гэты прыгажун ператварыўся ў руіны. Пажар на тагачасных «Працоўных рэзервах» стаў адным з самых вялікіх у пасляваенным Мінску. Навюткі па тых часах спарткомплекс не прастаяў з моманту адкрыцця і трох гадоў. Маёмасць на сотні тысяч савецкіх рублёў была ператворана ў попел і разваліны з-за адной запалкі.
Нам удалося адшукаць аднаго з непасрэдных удзельнікаў тых падзей — ветэрана пажарнай службы Аляксандра Пугачова. У тыя часы ён працаваў намеснікам камандзіра адной з пажарных часцей Мінска і адказваў за баявую падрыхтоўку. Ён і падзяліўся сваімі ўспамінамі.
— 24 лютага 1985 года была нядзеля. Па ўсім Савецкім Саюзе ішлі выбары ў Вярхоўныя і мясцовыя Саветы народных дэпутатаў.
І так супала, што 24 лютага — яшчэ і дзень нараджэння ў маёй дачкі. Мы запрасілі саслужыўцаў, сяброў сям'і за святочны стол. Жылі мы (як тады, так і цяпер) у кватэры пры пажарна-аварыйнай выратавальнай часці. І вось толькі селі за стол — раздаецца пажарная трывога.
Я неадкладна звязаўся з дыспетчарам. Мне сказалі, што палаюць «Працоўныя рэзервы». Вось так і паехалі ўсім саставам ратавальнікаў, які сабраўся на свята. Баёўкі ў мяне заўжды ляжалі ў машыне. Гэта дзеля таго, каб не губляць час на пераапрананне, а зрабіць тое ў дарозе.
Будынак «Працоўных рэзерваў» быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1982 годзе. Пачатак будаўніцтва курыраваў асабіста Пётр Машэраў, які ўбачыў падобны будынак у адной з замежных краін і загадаў узвесці падобны комплекс і ў нас. Па тых часах гэта быў самы вялікі і суперсучасны спартыўны цэнтр. Вось толькі досведу ва ўзвядзенні падобных будынкаў было няшмат. Напрыклад, з бэлек так і не знялі цэлафан. Варта было дабрацца да яго агню — і плёнка пачынала плавіцца, а палаючыя кроплі падпальвалі драўлянае пакрыццё падлогі і лаўкі. Уцяпляльнік у канструкцыях паставілі лёгкаўзгаральны. Мацаванні драўляных арак, якія падтрымлівалі дах, таксама аказаліся ненадзейнымі. Адным словам, была створана ідэальная абстаноўка для распаўсюджвання агню. І засталося толькі спусціць трыгер. Ім стала дзіцячае свавольства.
— Я пасля даведаўся падчас расследавання, што ў той дзень у спарткомплексе трэніраваліся лучнікі, — працягвае Аляксандр Пугачоў. — Яны заўжды маюць пры сабе запалкі, якія неабходны для таго, каб падкуродыміць бліскучы наканечнік стралы, што адбівае сонечныя прамяні. Каля адной са сценак былі нагрувашчаны дзве сцірты спартыўных матаў. Хлопчык залез на адну з іх, дастаў запалкі і пачаў кідаць імі ў маты. Адна з іх прызямлілася ў шчыліну паміж матамі, дзе ляжалі абрыўкі паперы і ўсякае іншае смецце. Па драўляных канструкцыях полымя імкліва шуганула ўверх. Усе, хто знаходзіўся ў манежы, кінуліся ўцякаць. Нават абутак там пакінулі.
А на вуліцы было дастаткова марознае надвор'е.
...Клубы чорнага дыму мы бачылі за некалькі кіламетраў. Непадалёк ад комплексу вуліца Каліноўскага, па якой мы ехалі, робіць прыгожы выгін, дзякуючы яму адкрываецца вельмі маляўнічы выгляд на спартыўны комплекс. Агню звонку мы не бачылі. Затое дым валіў з усіх магчымых шчылін. Я сказаў тады: «Хлопцы, гэта канец!»
Было зразумела, што адстаяць манеж у агню ўжо не атрымаецца. Таму мы прынялі рашэнне ратаваць адміністрацыйны будынак. Я з камандзірам аддзялення асабіста пракладваў магістральную лінію. Зайшлі ўнутр — а там сапраўдная доменная печ. Агонь шугае са столі і да падлогі. Стаяў бясконцы звон — з-за высокай тэмпературы ў арках лопалася шкло. Відавочцы расказвалі, што па даху агонь распаўсюджваўся нібы па газеце.
Мы стаялі ў праёме адной з арак і стрымлівалі вадой агонь. Але і загасіць яго не хапала магутнасці. Так вось і была нічыя са стыхіяй. Бачнасць — нулявая. Працаваць унутры доўга не атрымалася — мы былі там не больш за чвэрць гадзіны. Аднак у нейкі момант падраздзяленні атрымалі каманду на выхад. Пачалося абрушванне канструкцый. Бэлькі арак склаліся «домікам». Утварыўся залішні ціск, які мяне з камандзірам аддзялення выкінуў у вестыбюль. Мы ўпалі і выпусцілі з рук ствалы. А калі падняліся і зноў кінуліся назад, то ўбачылі, што агню ўжо і няма. Толькі вось дошкі, якія ляжалі паміж арак, тлелі яшчэ доўга. Да і не паўсюль можна было далезці своечасова. Таму праліўку мы рабілі яшчэ вельмі доўга...
Пажар стаў надзвычайным здарэннем — лічыце, у дзень выбараў згарэў навюткі спарткомплекс.
З Масквы прыляцеў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення пажарнай аховы МУС СССР Ігар Кімстач, каб на месцы кіраваць штабам і рабіць расследаванне таго, што здарылася. Памятаю, змерзлі мы ўсе тады моцна, баёўкі заледзянелі. Усе мокрыя, у часць прыехалі толькі ўвечары, каб паесці. Затым вярнуліся на разборку завалаў. Добра яшчэ, што адстаялі ў агню адміністрацыйны корпус.
...Ведаеце, нерэальна пашанцавала, што ў той дзень ніводны чалавек не загінуў. Дзеці і трэнер паспелі выбегчы, не пацярпелі і пажарныя.
«Давялося адбудоўваць нават фундамент»
Па гарачых слядах была заведзена крымінальная справа па артыкуле 97 Крымінальнага кодэкса БССР — «Знішчэнне дзяржаўнай або грамадскай маёмасці». Расследаваннем надзвычайнай сітуацыі займалася спецыяльная камісія Галоўнага ўпраўлення пажарнай аховы МУС СССР. Агульны ўрон склаў паўтара мільёна рублёў — касмічная лічба па тых часах. Многія адказныя асобы былі выключаны з партыі і вызваленыя ад займаных пасадаў. Аднаўленне спарткомплексу зацягнулася на доўгія дзесяць гадоў — не толькі з-за моцных пашкоджанняў, але і з-за эканамічных пертурбацый.
Аляксандр Пугачоў пасля перайшоў на пасаду камандзіра пажарнай часці, у якой працаваў, і асабіста курыраваў пытанне проціпажарнай абароны аднаўляемага будынка.
Новыя канструкцыі апрацоўваліся вогнезасцерагальным рэчывам метадам глыбокага прамочвання. Іх прывозілі з аднаго з абласных цэнтраў Беларусі на цягніках. Металічныя мацаванні бэлек таксама не засталіся без увагі. Напрыклад, замкі, якія былі пастаўлены падчас аднаўлення, здольны вытрымліваць у полымі да дзвюх з паловай гадзін. Каб абараніць фермы і пакрыцці, была зманціравана спецыяльная сістэма пажаратушэння. Манеж абсталявалі дымавой сістэмай пажарнай сігналізацыі і вялікай колькасцю пажарных кранаў.
— ...Мне вельмі прыкра, што агонь знішчыў столькі чалавечай працы, — кажа ветэран. — Назад жа час не павернеш. Цана навучання абышлася вельмі дорага. Ну закуродымілася б столь, палопаліся б вітражы, але канструкцыйныя элементы засталіся б непашкоджаныя. А так давялося аднаўляць нават фундамент!
Цяпер аб былой трагедыі не нагадвае нішто. У памяшканні спартыўнага комплексу «Алімпійскі» займаюцца гімнасты, плыўцы, тэнісісты, футбалісты, валейбалісты, баксёры, барцы... Вось толькі лучнікі тут больш не трэніруюцца.
Чытаць на сайце газеты "Звязда".
Будь готов
Другие новости
Назад