image description

МЧС Республики Беларусь

Былых выратавальнікаў не бывае.

1016

Пэўна, няма таго, што не ўмее Аляксандр Уладзіміравіч Дуброўскі. Ён і з тэхнікай на “ты”, і змайстраваць для дома штосьці можа, і прыгатаваць любую страву, і пашыць сабе касцюм. На пытанне, дзе ж усяму навучыўся, усміхаючыся адказвае: “Жыццёвую школу прайшоў на службе!”

З дзяцінства селішчанскі хлопец Аляксандр Дуброўскі асабліва цікавіўся тэхнікай. Вельмі цанілі пазней і дыпламаванага тэхніка-механіка на першым месцы працы – у саўгасе “Ушацкі”.

– Давялося працаваць пад кіраўніцтвам Васіля Фаміча Караленкі, чалавека справядлівага і мэтанакіраванага. Калі хацеў праз два гады змяніць месца працы, ён змог знайсці аргументы і я застаўся яшчэ на дзясятак. Наступнае ж маё рабочае месца вызначыў лёс: ішоў уладкоўвацца на “Вечалле” і на шляху спыніўся каля пажарнай часці пагутарыць са знаёмымі хлопцамі. “Ідзі лепей да нас працаваць, нам таксама патрэбны такія вадзіцелі-механікі!” Так я і не пайшоў далей, а ў хуткім часе пачаў улівацца ў новы калектыў, дзе і прайшло 20 наступных гадоў майго жыцця”, – прыгадвае Аляксандр Уладзіміравіч.

Спачатку быў вадзіцелем, а пазней начальнікам каравула. Імкнуўся, каб яго падначаленыя ведалі ўсё надзвычай дасканальна: ад ціску ў калёсах і ўстройства пажарнай помпы да месцазнаходжання населеных пунктаў: “Кожны вечар, калі не было выклікаў, садзіў маладых і “ганяў” па вёсках: у якім баку знаходзяцца, колькі з аднайменнай назвай у раёне, як да іх даехаць. Памылкі ў нашай прафесіі недаравальныя! Не сорамна за сваіх вучняў, якія прайшлі праз мае рукі, з цяперашніх работнікаў гэта Алег Севярын, Андрэй Малахаў, Сяргей Сыс, Дзмітрый Лёля...”

Ну а свой першы баявы выезд ён памятае, як быццам гэта было ўчора, яно і не дзіўна, бо на здарэнне выязджаў адзін. На суткі ў той час заступала ўсяго тры чалавекі. Асноўная машына адправілася на пажар у Старое Сяло, як паступіў сігнал аб узгаранні на кацельні ветстанцыі. Іншага выйсця, як выязджаць на рэзервным ЗІЛе не было. І першы свой пажарны экзамен ён вытрымаў паспяхова. А бадай самым жудасным і цяжкім здарэннем у кар’еры А.Дуброўскага быў пажар, калі гарэў жылы дом у Завячэллі. “Пад’язджаем да месца і ў гэты момант у жыллі ўзрываецца газавы балон, дах падлятае якраз на суседні дом. Яго ўдалося выратаваць, а вось дапамагчы нядобранадзейнай сям’і, дзе адбыўся ачаг узгарання, ужо шанцаў не было, у агні загінулі двое дзяцей і двое дарослых. Доўга шукалі іх целы ці дакладней што ад іх засталося, а затым яшчэ абаранялі ад бадзяжных сабак з усёй акругі...” – не без суму ўспамінае эпізод Аляксандр Уладзіміравіч.

Было нямала і іншых складаных здарэнняў, нялёгка было спраўляцца з ляснымі пажарамі і на тарфяніках. Нямала людзей абавязаны жыццём мужчыну, але не ад усіх давялося пачуць простае “дзякуй”.

Калі пачалася ваенізацыя пажарнай аховы і на службу набіралі шмат маладых работнікаў, Аляксандр Уладзіміравіч быў назначаны намеснікам начальніка па службе і пажаратушэнні. Юрый Леанідавіч Шыханцоў, які тады кіраваў службай, адзначыў што ён самы вопытны і каму яшчэ вучыць новае пакаленне. Акрамя гэтага, на плечы намесніка ляглі шматлікія копаты па абсталяванні часці, тады якраз утвараліся і пажарныя пасты на раёне.

– Не параўнаць тыя ўмовы у якіх мы працавалі з цяперашнімі. Прыязджаеш зімой з пажару і распальваеш кацёл, каб сагрэцца. Самі нарыхтоўвалі дровы, едзем з пажару ў Рубаніках і вязём карчы для печы. Не было такіх хуткіх МАЗаў, якія зараз едуць з запасам вады большым у тры разы і сучасным абсталяваннем на ўсе выпадкі жыцця. Шкада было, калі зносілі будынак старой часці, столькі сіл туды было ўкладзена, але зараз шчыра радуюся за калег, калі гляджу на новую. Час дыктуе іншыя ўмовы, – гаворыць А.У.Дуброўскі.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ доўга прывыкаў, што не трэба спяшацца на службу, ускокваў пры кожным званку. Поўны сіл і энергіі ён уладкаваўся ў жыллёва-камунальную гаспадарку, некалькі гадоў выдатна спраўляўся з абавязкамі майстра па водазабеспячэнні. А шэсць гадоў таму яму прапанавалі заняць пасаду работніка аховы ва Ушацкай школе. Трэба сказаць, што не абмяжоўваецца ахоўнымі функцыямі і шмат чаго іншага робіць для ўстановы: не адмаўляецца падрамантаваць мэблю ці кран, удзельнічае ў падрыхтоўцы школы да новага навучальнага сезону.

А яшчэ ён выдатны гаспадар, любячы муж, бацька і дзядуля. На яго сядзібе ва Ушачах усё даведзена да ладу, ужо шмат гадоў захапляецца пчалярствам, трымаючы 14 домікаў. У вольны час любіць адправіцца на рыбалку ці ў лес за грыбамі. З цеплынёй расказвае пра дваіх сыноў і траіх унучак. Трэба сказаць, што знаходзіць агульную мову і падыход не толькі да родных, а і да школьнікаў. “Праводжу з імі так сказаць прафарыентацыйную работу і раю паступаць ва ўстановы МНС, – з усмешкай гаворыць мужчына.

Ніколі не сатруцца з яго памяці 20 пажарных гадоў. 17 красавіка – у дзень ушанавання ветэранаў МНС – яму ў чарговы раз падзякуюць за службу сённяшнія і былыя выратавальнікі. Хаця былых не бывае: кожны з іх гатовы працягнуць руку дапамогі бліжняму ў бядзе.

Будь готов

Другие новости


Назад
Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть

Территориальные управления

Закрыть