Вадзім Сіняўскі: МНС — гэта прафесійная служба, гатовая ў любую секунду прыйсці на дапамогу людзям (Звязда)
Сёння пажарная служба Беларусі адзначае 170-годдзе. Вытокі аднаго з прафесійных свят ратавальнікаў ідуць з 25 ліпеня 1853 года, калі было разгледжана пытанне «Аб стварэнні пажарнай часці ў Мінску». Менавіта з таго часу арганізацыя пажарнай справы канчаткова была пастаўлена на дзяржаўны ўзровень. Ужо ў суверэннай Беларусі гэты дзень займеў статус дзяржаўнага свята, якое адзначаецца як Дзень пажарнай службы.
Пра кампетэнцыі і задачы людзей, штодзённая праца якіх — выратаванне жыццяў, мы пагаварылі з міністрам па надзвычайных сітуацыях. У эксклюзіўным інтэрв'ю «Звяздзе» Вадзім СІНЯЎСКІ расказаў, як развіваецца ведамства, звярнуў увагу на асноўныя выклікі, з якімі сутыкаюцца ратавальнікі, абазначыў функцыі МНС у выпадку ваеннага становішча і растлумачыў, чаму беларуская школа падрыхтоўкі пажарных-ратавальнікаў прызнаецца далёка за межамі нашай краіны.

Кампетэнцыі выратавальнікаў ужо даўно выйшлі за межы тушэння пажараў. Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях прафесійна спраўляюцца не толькі з агнём, а і з іншымі стыхіямі. Ратавальнікі прыходзяць на дапамогу ў самых розных сітуацыях. Выцягваюць людзей з вады, знаходзяць тых, хто заблукаў у лесе, працягваюць руку дапамогі на вышыні і нават дастаюць людзей з-пад абломкаў — высокі прафесіяналізм нашы выратавальнікі прадэманстравалі падчас ліквідацыі наступстваў нядаўняга землетрасення ў Турцыі.
— Вадзім Іванавіч, што ўяўляе з сябе сучаснае ведамства і якім надзвычайным сітуацыям яно гатовае супрацьдзейнічаць?
— Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь з'яўляецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, які ажыццяўляе рэгуляванне і кіраванне ў сферы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароны, забеспячэння пажарнай, прамысловай, ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, стварэння і забеспячэння захаванасці дзяржаўнага і мабілізацыйнага матэрыялаў. Сёння МНС нашай краіны — гэта прафесійная служба, гатовая ў любую секунду прыйсці на дапамогу людзям. Так было і ў 1853 годзе, калі была створана пажарная служба, і ў 1999 годзе, калі ішла рэарганізацыя міністэрства, так будзе заўсёды. За гэтыя гады склаліся тэндэнцыі, дакладна вызначыліся задачы і прававое поле дзейнасці, сфарміраваўся калектыў прафесіяналаў, якія ўзорна вырашаюць пастаўленыя задачы. Заканадаўча ўрэгуляваны асноўныя аспекты абароны ад надзвычайных сітуацый, павышаны роля і адказнасць органаў кіравання ўсіх узроўняў, прадпрыемстваў, арганізацый у забеспячэнні абароны ад НС. Наладжана планамернае павышэнне ўзроўню бяспекі функцыянавання эканомікі і жыццядзейнасці насельніцтва. Для аператыўнага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі на тэрыторыі Беларусі ў пастаяннай гатоўнасці знаходзіцца больш за 3500 выратавальнікаў, 1350 адзінак асноўнай і спецыяльнай пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. У выпадку ўскладнення аператыўнай абстаноўкі з пажарамі і надзвычайнымі сітуацыямі прадугледжваецца перавод падраздзяленняў МНС з трохзменнага на двухзменны рэжым работы, што дае магчымасць павялічыць колькасны склад дзяжурных змен да 5500 выратавальнікаў і да 2000 адзінак пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі.
— У падраздзяленнях МНС створаны і функцыянуюць 11 спецыялізаваных службаў. Якія задачы яны вырашаюць?
— Наяўнасць спецыялізаваных службаў, а таксама іх абсталяванасць дае магчымасць падраздзяленням МНС выконваць увесь спектр аварыйна-выратавальных работ: на зямлі, на вадзе (пад вадой) і ў паветры. Авіяцыйная служба прызначана для правядзення авіяцыйна-выратавальных і пошукавых аперацый, а таксама тушэння пажараў, вядзення паветранай, інжынернай, радыяцыйнай, хімічнай і пажарнай разведкі, маніторынгу мясцовасці. Выбуховатэхнічная служба — для правядзення выбуховых работ з мэтай папярэджання і ліквідацыі (лакалізацыі) надзвычайных сітуацый. Спецыялісты вадалазна-выратавальнай службы аказваюць дапамогу людзям, якія церпяць бедства на вадзе (лёдзе) і (або) пад вадой, праводзяць выратавальныя (аварыйна-выратавальныя), пошукавыя і вадалазныя работы. Газадымаахоўная служба прызначана для забеспячэння неабходных умоў выкарыстання сіл і сродкаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях пры правядзенні аварыйна-выратавальных работ у непрыдатным для дыхання асяроддзі. Медыцынская — для ўдзелу ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў медыцынскага забеспячэння аварыйна-выратавальных работ, якія праводзяцца органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях. Супрацоўнікі пошукава-выратавальнай службы праводзяць аварыйна-выратавальныя і іншыя неадкладныя работы ў зонах разбурэння будынкаў і збудаванняў, пошукава-выратавальныя работы ў прыродных экасістэмах, пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый, звязаных з крушэннем паветраных суднаў на тэрыторыі Беларусі. Пажарна-выратавальная служба прызначана для правядзення аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных работ, тушэння пажараў і ліквідацыі іншых надзвычайных сітуацый, аказання першай дапамогі пацярпелым у зоне надзвычайнай сітуацыі. У кампетэнцыю псіхалагічнай службы ўваходзіць аказанне псіхалагічнай дапамогі грамадзянам, якія апынуліся ў надзвычайнай сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару. Служба сувязі і апавяшчэння забяспечвае ўстойлівае функцыянаванне сістэм сувязі і апавяшчэння органаў, падраздзяленняў і арганізацый сістэмы МНС, а таксама дзяржаўнай сістэмы па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны. Тэхнічная служба прызначана для тэхнічнага забеспячэння правядзення аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных работ. Служба хімічнай і радыяцыйнай аховы — для правядзення аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных работ у зонах хімічнага і радыяцыйнага заражэння. У найбліжэйшай перспектыве (2025 год) будзе асвоены новы від аварыйна-выратавальных работ, якія выконваюцца пад паверхняй зямлі, — горна-выратавальныя работы. У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў вядзецца работа па стварэнні ў складзе МНС горна-выратавальнай службы, асноўнымі задачамі якой будуць тушэнне пажараў і ліквідацыя іншых надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару на аб'ектах метрапалітэна, якія будуюцца ў падземных прасторах Мінска. Арганізавана навучанне будучых работнікаў службы, вядзецца распрацоўка адпаведных нарматыўных прававых актаў.
— Па статыстыцы больш за ўсё людзей гіне падчас пажараў. Бачым (і гэта актыўна асвятляецца ў СМІ), што выратавальнікі шмат робяць для папярэджання трагедый, але, на жаль, людзі працягваюць гінуць у агні. Наколькі эфектыўныя прафілактычныя мерапрыемствы, калі некаторыя грамадзяне не жадаюць несці адказнасць за ўласныя жыцці?
— Прафілактычная работа дазваляе станоўча ўплываць на сітуацыю. Колькасць загінулых ад пажараў становіцца меншай. У першым паўгоддзі 2023 года колькасць загінулых ад пажараў на тэрыторыі краіны зменшылася на 25,3 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, па выніках мінулага года — на 6,4 %. За дзесяцігадовы перыяд колькасць загінулых ад пажараў зменшылася на 19,7 %. Гэта ўсё вынікі прафілактыкі гібелі ад вонкавых прычын, якая праводзіцца ва ўзаемадзеянні з ведамствамі, дзяржаўнымі органамі. У дадзеную работу таксама ўцягнутыя грамадскія арганізацыі і падрастаючае пакаленне — курсанты, якія ў найбліжэйшыя гады папоўняць рады выратавальнікаў. Прынятыя падыходы ў прафілактычнай дзейнасці ў жыллёвым фондзе дазваляюць своечасова прымаць рашэнні па аказанні неабходнай дапамогі грамадзянам, што маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне (адзінокія і тыя пажылыя грамадзяне, якія жывуць адны, інваліды, шматдзетныя сем'і). На жаль, не выключаны факты гібелі дзяцей ад пажараў. І калі за апошнія дзесяць гадоў іх колькасць пастаянна зніжалася, то ў 2022 годзе быў усплёск — у агні загінулі 14 непаўналетніх. У першым паўгоддзі гэтага года, як і за аналагічны перыяд мінулага, пажары забралі па чатыры дзіцячыя жыцці. Сёння асноўнай прычынай гібелі людзей ад пажараў з'яўляецца злоўжыванне алкаголем. Асноўнай прычынай пажараў за 2013—2022 гады стала неасцярожнае абыходжанне з агнём — 41,3 % ад агульнай колькасці пажараў. 79 % людзей загінула ад пажараў, якія адбыліся з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём, з іх 82 % — з-за неасцярожнасці пры курэнні.
— У некаторых рэгіёнах адбываецца аптымізацыя падраздзяленняў МНС. З якой мэтай тое робіцца і ці не пацерпіць у выпадку надзвычайнай сітуацыі насельніцтва тэрыторый, якія засталіся без сваіх выратавальнікаў?
— Перш чым адказаць на дадзенае пытанне, неабходна адзначыць самае важнае: ніколі не будзе аптымізавана падраздзяленне МНС, калі гэта зніжае ўзровень абароненасці насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі раёна выезду падраздзялення. Пры правядзенні такой работы ведамства кіруецца наступным асноўным прынцыпам — забеспячэнне своечасовага прыбыцця дастатковай колькасці сіл і сродкаў МНС да месца выкліку. Асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на аптымізацыю падраздзяленняў, з'яўляюцца колькасць насельніцтва ў раёне, якое абслугоўваецца падраздзяленнем МНС; колькасць пажараў і іншых надзвычайных сітуацый у канкрэтнай мясцовасці; наяўнасць патэнцыяльна небяспечных аб'ектаў і вытворчасцяў, аб'ектаў з масавым знаходжаннем людзей; эканамічная абгрунтаванасць утрымлівання падраздзялення. Пры гэтым аптымізацыя не азначае скарачэнне колькасці выратавальнікаў і тэхнічных сродкаў. Праводзіцца работа па рацыянальным іх пераразмеркаванні па іншых падраздзяленнях МНС раёна, вобласці (дзе таго патрабуе аператыўнае становішча з пажарамі і іншымі надзвычайнымі сітуацыямі). Трэба адзначыць, што за апошнія 20 гадоў удасканальваліся тэхналогіі ліквідацыі надзвычайных сітуацый, кардынальна павысіўся ўзровень абсталяванасці падраздзяленняў МНС сучаснай пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікай, абсталяваннем і рыштункам. Усё гэта дазваляе выратавальнікам своечасова рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у любым пункце нашай краіны. Раёны выездаў падраздзяленняў у рэарганізуемых раённых аддзелах па надзвычайных сітуацыях павялічваюцца, аднак гэта не ўплывае істотна на час прыбыцця дзяжурных змен да месца ліквідацыі надзвычайных сітуацый за кошт больш сучасных тэхнічных сродкаў, што стаяць на ўзбраенні. Праведзеныя арганізацыйна-штатныя мерапрыемствы не знізілі боегатоўнасці падраздзяленняў. Пры гэтым удалося пазбегнуць затрат, звязаных з утрымліваннем будынкаў пажарных аварыйна-выратавальных пастоў, якія рэарганізоўваюцца, што дазволіла больш эфектыўна выкарыстоўваць тактычныя магчымасці аварыйна-выратавальных падраздзяленняў.

— Якімі тэмпамі адбываецца іх аснашчэнне сучасным абсталяваннем? Наколькі ў гэтым плане ў нагу з часам ідуць рэгіёны?
— Па выніках праведзеных у першым паўгоддзі 2023 года працэдур закупак за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў заключаны дагаворы на пастаўку 35 адзінак пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. У прыватнасці, 17 пажарных аўтадрабін, 14 пажарных аўтацыстэрнаў, трох аўтамабіляў хуткага рэагавання і аднаго мабільнага вадалазнага комплексу. Акрамя таго, заключаны дагаворы на пастаўку 11 мікрааўтобусаў і двух аўтамабіляў медыцынскай службы. З мэтай аснашчэння вадалазна-выратавальных і пошукава-выратавальных службаў неабходнай тэхнікай і рыштункам выдзяляюцца сродкі на набыццё 32 лодак, 28 лодачных матораў, 24 лафетаў (прычэпаў) для транспарціроўкі лодак, 23 беспілотных лятальных апаратаў. У 2022 годзе, у адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта, у органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях па ўсёй краіне былі пастаўлены новыя пажарныя аўтацыстэрны АЦ-5,0 (5434) у колькасці 103 адзінак. Акрамя таго, у рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Урэгуляванне надзвычайных сітуацый» на 2021—2025 гады набыты і перададзены ў падраздзяленні пажарныя аўтацыстэрны АЦ-5,0 (5309) у колькасці трох адзінак. У адпаведнасці з планам закупак за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў 2022 годзе набыты дзесяць пажарных аўтадрабін АЛ-30 (5340). У рамках рэалізацыі даручэнняў кіраўніка дзяржавы з мэтай аснашчэння пошукава-выратавальных службаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях неабходнай тэхнікай і рыштункам выдзелены фінансавыя сродкі для набыцця шасці аэралодак з прычэпамі для іх транспарціроўкі, сямі санараў (гідралакатараў), снегабалотахода з прычэпам для яго транспарціроўкі, 34 пнеўмакаркасных модульных палатак з камплектам абсталявання для аўтаномнага жыццезабеспячэння. Уся гэтая тэхніка і абсталяванне размяркоўваюцца і накіроўваюцца ў рэгіёны. Практычныя падраздзяленні МНС забяспечаныя ўсім неабходным.
— Свае магчымасці беларускія выратавальнікі ў поўнай меры прадэманстравалі падчас ліквідацыі наступстваў землетрасення ў Турцыі, дзе працаваў рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння «ЗУБР». Хто трапляе ў атрад, якія штодзённыя задачы ўскладзены на падраздзяленне і ці ёсць неабходнасць у пашырэнні яго колькаснага складу?
— Атрад з'яўляецца перадавым падраздзяленнем МНС і рэагуе на найбольш складаныя надзвычайныя сітуацыі ў Беларусі і за яе межамі. У 2013 годзе атрад прайшоў атэстацыю на адпаведнасць патрабаванням Міжнароднай кансультацыйнай групы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пошуку і выратаванні (ІНСАРАГ) і паказаў высокі ўзровень гатоўнасці да міжнароднага рэагавання. У атрада — вялікая колькасць штодзённых задач. Ні адна буйная надзвычайная сітуацыя на тэрыторыі краіны не абыходзіцца без супрацоўнікаў атрада. Калі казаць аб міжнародным рэагаванні (на прыкладзе Турцыі), то трэба разумець, што 64 выратавальнікі, якія бралі ўдзел у аперацыі, — гэта далёка не ўвесь атрад. У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў атрадзе вызначаны аптымальны выязны састаў для рэагавання на буйнамаштабныя надзвычайныя сітуацыі. Пры гэтым ёсць падрыхтаваны рэзерв, які ў выпадку неабходнасці можа або ўзмацніць, або замяніць спецыялістаў, што працуюць у пацярпелай краіне. З улікам вывучэння вопыту работы РАСП «ЗУБР» у Турэцкай Рэспубліцы пры ліквідацыі наступстваў землетрасення спланаваны мерапрыемствы па набыцці экіпіроўкі, рыштунку і іншага неабходнага абсталявання. Сфарміраваны два зводныя атрады МНС (па 36 выратавальнікаў і дзве адзінкі тэхнікі ў кожным) для рэагавання на буйнамаштабныя надзвычайныя сітуацыі, звязаныя з землетрасеннямі. Гэтыя зводныя атрады забяспечваюць рэзерв сіл і сродкаў для пошукава-выратавальнага атрада РАСП «ЗУБР» і ратацыю асабовага складу пры зацяжным характары надзвычайнай сітуацыі ці выкананні аварыйна-выратавальных работ у некалькіх месцах адначасова. Значную ролю ў жыцці атрада адыгрывае спорт. Супрацоўнікі «ЗУБРа» неаднаразова станавіліся прызёрамі і пераможцамі розных міжнародных, а таксама рэспубліканскіх спаборніцтваў. Менавіта таму асноўнымі крытэрыямі для выратавальнікаў атрада з'яўляюцца добрая фізічная падрыхтоўка, адсутнасць шкодных звычак, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў. Спецыялістам падраздзялення характэрны такія чалавечыя якасці, як сумленнасць, прыстойнасць і працавітасць.
— Ці апраўдвае сябе своеасаблівая адзіная служба ратавання «112»? Колькі зваротаў паступае ад грамадзян на лініі «101» і «112»?
— Адзіная дзяжурна-дыспетчарская служба (АДДС) у Беларусі была створана ў 2007 годзе, а ў 2013 годзе ў МНС запрацаваў дадатковы нумар «112». Неабходнасць стварэння АДДС прадыктавана існуючай сусветнай практыкай па аблягчэнні зваротаў грамадзян да службаў экстраннага выкліку шляхам уводу адзіных тэлефонных нумароў, а таксама агульнай тэндэнцыяй да ўзмацнення ўзаемадзеяння гарадскіх службаў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый у рамках стварэння гарадскіх сістэм грамадскай бяспекі. На АДДС ускладаюцца наступныя асноўныя задачы: прыём паведамленняў аб пагрозе або ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі і парушэннях умоў жыццядзейнасці насельніцтва; давядзенне інфармацыі, якая паступіла, да адпаведных дзяжурна-дыспетчарскіх службаў для прыняцця мер рэагавання; апрацоўка і аналіз даных аб абстаноўцы, маштабах надзвычайнай сітуацыі і складзе аварыйна-выратавальных службаў, неабходных для рэагавання і іншыя. Стварэнне адзінай дзяжурна-дыспетчарскай службы не адмяняе парадку прыёму ад насельніцтва паведамленняў аб надзвычайных сітуацыях (па нумарах «101», «102», «103», «104» і іншыя), які існаваў да яе з'яўлення. АДДС вобласці, раёна (горада) функцыянуе кругласутачна. З пачатку 2023 года па стане на 21 ліпеня па лініях «101» і «112» паступіла 232 809 званкоў (за аналагічны перыяд 2022 года — 292 965). З іх 29 198 (33 423) — аб узнікненні пажараў або надзвычайных сітуацый; 121 838 (154 745) — аб парушэнні ўмоў жыццядзейнасці; 81 773 (104 797) — даведачна-кансультацыйнага характару.
— Як выконваецца даручэнне кіраўніка дзяржавы наконт баяздольнасці супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях? Ці змогуць выратавальнікі ў выпадку неабходнасці разам з ваеннымі выконваць задачы па абароне Айчыны?
— У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб надзвычайным становішчы», на органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях ускладзены задачы па ахове крытычна важных аб'ектаў і спыненні масавых беспарадкаў у перыяд увядзення надзвычайнага становішча. Указаныя задачы выратавальнікі будуць выконваць сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, органаў дзяржаўнай бяспекі і ваеннаслужачымі ўнутраных войскаў. У гэты перыяд на іх будуць распаўсюджвацца палажэнні заканадаўства аб органах унутраных спраў у частцы, якая датычыцца ўмоў, парадку і меж прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, гарантый прававой і сацыяльнай абароны, асабістай бяспекі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, членаў іх сем'яў і блізкіх. У выпадку неабходнасці выратавальнікі забяспечваюцца табельнай зброяй. Асобнымі нарматыўнымі прававымі актамі на органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях ускладзены задачы па выдаленні забароненай і (або) незарэгістраванай сімволікі і атрыбутыкі, размешчанай на фасадах будынкаў, збудаванняў і ў іншых цяжкадаступных месцах. У адпаведнасці з нашым заканадаўствам МНС рэалізоўвае адзіную дзяржаўную палітыку ў сферы грамадзянскай абароны. Грамадзянская абарона — складаная частка абаронных мерапрыемстваў Беларусі па падрыхтоўцы да абароны і па абароне насельніцтва, матэрыяльных і гісторыка-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі нашай краіны ад небяспек, якія ўзнікаюць (узніклі) пры вядзенні ваенных дзеянняў або з прычыны гэтых дзеянняў.
— У выпадку ўзнікнення ваеннага канфлікту на тэрыторыі Беларусі МНС, безумоўна, будзе выконваць свае функцыі па абароне насельніцтва і тэрыторый ад наступстваў вядзення баявых дзеянняў у рамках грамадзянскай абароны (правядзенне аварыйна-выратавальных работ, апавяшчэнне, эвакуацыя насельніцтва і іншае). Пры гэтым частка выратавальнікаў будзе падпарадкоўвацца адпаведным падраздзяленням Узброеных Сіл для абароны нашай дзяржавы (такія разлікі ўжо ёсць). Дадзеныя супрацоўнікі ўзбройваюцца стралковай зброяй. Для гэтага праводзіцца навучанне работнікаў МНС па абыходжанні з табельным узбраеннем, тактыцы вядзення абарончага (наступальнага) бою ў складзе аддзялення, узвода. Зброя, атрыманая ад Міністэрства абароны, размешчана ў абсталяваных пакоях для захоўвання зброі, якія знаходзяцца пад кругласутачнай узброенай аховай. Акрамя таго, для забеспячэння ваеннага становішча прадугледжана перадача МНС ад Мінабароны дадатковай баявой стралковай зброі. Распрацаваны кіруючыя дакументы, якія вызначаюць парадак уліку, захоўвання, выдачы зброі і боепрыпасаў супрацоўнікам, патрабаванні па кантролі за іх тэхнічным станам.
— 19 чэрвеня Прэзідэнт падпісаў Указ № 175, якім рэгламентуецца дзейнасць рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах». Якімі паўнамоцтвамі ў гэтай сувязі надзяляецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях?
— Па выніках праведзенай у 2022 годзе праверкі зроблены высновы аб тым, што ўскладзеныя на Таварыства выратавання на водах дзяржаўна значныя задачы ажыццяўляюцца неэфектыўна, а дзейнасць аб'яднання ў цэлым прызнана нездавальняючай. У сувязі з гэтым кіраўніком дзяржавы было даручана выпрацаваць шляхі рэфармавання і стратэгію развіцця таварыства для прыняцця эфектыўных кіраўніцкіх рашэнняў у адносінах да дзейнасці сістэмы аб'яднання, а таксама кантролю за яго работай, разгледзець пытанне аб стварэнні міжведамаснага калегіяльнага органа (наглядальнага савета). Указам зацверджана новая рэдакцыя статута Таварыства выратавання на водах, якой прадугледжана прадстаўніцтва Беларусі ў аб'яднанні ў асобе МНС, стварэнне ў яго структуры наглядальнага савета пад кіраўніцтвам МНС і вызначэнне яго функцый, а таксама пераразмеркаванне функцый паміж цэнтральнымі органамі таварыства. Удакладнены дзяржаўна значныя задачы і метады дзейнасці таварыства (аб'яднанне намаганняў грамадзян для аховы жыцця людзей на водах, навучанне насельніцтва навыкам плавання). Змяніўся парадак выбрання (перавыбрання) старшыні аб'яднання: ён выбіраецца рэспубліканскім саветам па прапанове Савета Міністраў узгоднена з Прэзідэнтам. З мэтай забеспячэння кантролю за дзейнасцю таварыства наглядальным саветам таксама будзе абірацца цэнтральная рэвізійная камісія. Старшынёй цэнтральнай рэвізійнай камісіі Таварыства выратавання на водах прызначацца прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
— Скончыўся чарговы навучальны год. Шэрагі МНС папоўнілі маладыя выратавальнікі. Завяршаецца новая ўступная кампанія. Ці многія маладыя людзі жадаюць звязаць сваё жыццё з выратаваннем чалавечых жыццяў? Наколькі прэстыжная ў сучасных умовах прафесія выратавальніка?
— Дыпломы Універсітэта грамадзянскай абароны МНС сёлета атрымалі 246 выпускнікоў, з іх доўгачаканыя лейтэнанцкія пагоны — 140 чалавек. 14 выпускнікоў скончылі ўстанову вышэйшай адукацыі МНС з адзнакай, чатыры з іх — з залатым медалём. Акрамя таго, 45 выпускнікам прысвоена акадэмічная ступень магістра, сямі — спартыўнае званне «Майстар спорту Рэспублікі Беларусь». Выпускніку ўніверсітэта МНС Максіму Завадскаму аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта. У бягучым годзе дыплом беларускага ўніверсітэта МНС атрымаў і 41 замежны спецыяліст з Азербайджана, Казахстана і Расіі. Сёлета ўніверсітэт ажыццяўляе набор па дзвюх спецыяльнасцях агульнай вышэйшай адукацыі: «Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый» і «Пажарная і прамысловая бяспека». Ужо больш за тысячу абітурыентаў, якія пажадалі звязаць сваё далейшае жыццё з прафесіяй выратавальніка, прайшлі прафесійны адбор, у рамках якога быў вызначаны іх узровень фізічнай падрыхтаванасці. Чакаемы конкурс сярод хлопцаў — два чалавекі на месца, сярод дзяўчат — чатыры чалавекі на месца.
Развіццё сістэмы прафесійнай адукацыі, накіраванай на падрыхтоўку спецыялістаў, здольных на высокім узроўні вырашаць ускладзеныя на іх задачы па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, з'яўляецца найважнейшым элементам дзейнасці МНС. Варта адзначыць, што беларуская школа падрыхтоўкі пажарных-выратавальнікаў прызнана не толькі ў нашай краіне, але і ў свеце: 15 % тых, хто атрымлівае адукацыю ў нашых ВНУ, з'яўляюцца замежнымі грамадзянамі. Першачарговую ролю ў сістэме такой падрыхтоўкі адыгрывае Універсітэт грамадзянскай абароны. За дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, паслуг, выкананых работ, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту ўстанова адукацыі не раз была ўдастоена высокіх адзнак і ўзнагарод. Аднак самай лепшай узнагародай і для ўніверсітэта, і для ўсяго нашага ведамства з'яўляюцца выпускнікі, якія на высокім узроўні вырашаюць ускладзеныя на іх задачы. Для таго каб гэтымі людзьмі стаць, трэба правесці вялікую работу, атрымаць дастатковыя веды ад найлепшых педагогаў-выратавальнікаў і ўмець правільна прымяніць усё гэта на практыцы. А яшчэ раней трэба прайсці няпросты прафесійны адбор, каб уліцца ў шэрагі міністэрства.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Чытаць на сайце газеты «Звязда»
Будь готов
Другие новости
Назад
МЧС Беларуси