image description

МЧС Республики Беларусь

Як правесці навагоднія святы без пашкоджанняў? ("Звязда")

476
Як правесці навагоднія святы без пашкоджанняў? ("Звязда")

Раніцай 28 снежня мінулага года сталічным ратавальнікам пачалі паступаць тэлефонныя званкі з аднаго і таго ж пад'езда 9-павярховага дома. На лесвічнай пляцоўцы людзі заўважылі моцнае задымленне. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца падзей, знайшлі ў кватэры дваіх малых дзяцей і 26-гадовую маці. Жанчына расказала, што калі яна зайшла ў пакой, то ўбачыла, як адкрытым полымем гарыць ёлка. Яна спрабавала самастойна справіцца з агнём, але сілы аказаліся няроўнымі. Пасля высветлілася, што пажар адбыўся з-за кароткага замыкання электрычнай гірлянды.

Як жа правесці навагоднія святы з максімальнай бяспекай для сябе? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» даведаўся ў начальніка рэспубліканскага цэнтра прапаганды МНС Алены Дзмітрук.

Сакрэты выбару

Набыць сабе навагоднюю прыгажуню праблем няма — па краіне арганізаваны шматлікія ёлачныя кірмашы. З проціпажарнага пункту гледжання найлепшае натуральнае дрэва — тое, якое нядаўна ссеклі. Распазнаць гэта проста — ствол навобмацак у такіх дрэў ліпкі. А хвоя павінна быць зялёнай і ні ў якім разе не ападаць ад першага ж дотыку.

Істотна распаўсюджаны і ёлкі штучныя. Яны пазбаўлены хібаў натуральных дрэў, але, на жаль, маюць і свае. Напрыклад, натуральнае дрэва згарае за 30—40 секундаў. Вільготнае дрэва супраціўляецца агню даўжэй, таму пажадана ўвільгатняць ёлку. Калі яна стаіць у кадцы з пяском, туды можна перыядычна даліваць вады. Але ж будзьце асцярожнымі з электрагірляндамі, якімі карыстаецеся пры гэтым. Штучныя прыгажуні згараюць вокамгненна — максімум за 15 секундаў. Пры гэтым ёсць вялікая рызыка выдзялення ў паветра процьмы шкодных рэчываў. Таму перад набыццём такога дрэва лепш упэўніцца, што ў прадаўца ёсць сертыфікат на яго.

— Пластмаса плавіцца, і сінтэтыка разліваецца па паверхні, таму тушыць вадой штучнае дрэва не эфектыўна. Што рабіць, калі яно загарэлася? Па-першае, адключайце гірлянды, паваліце дрэва на падлогу і накрыйце шчыльнай тканінай. Але памятайце, што калі вы не справіліся з гэтым літаральна ў першую хвіліну — пакідайце памяшканне і тэрмінова набірайце нумар 101. Сінтэтыка выдзяляе моцныя атрутныя рэчывы, магчыма ўгарэць.

З-за чаго можа загарэцца дрэва?

Крыніцай узгарання можа стаць звычайная электрычная гірлянда. Яе трэба набываць у афіцыйных пунктах продажу, дзе абавязкова будуць усе неабходныя сертыфікаты. Гірлянда мусіць быць абавязкова заводскай вытворчасці, а яе ізаляцыя — шчыльнай, гнуткай і без знешніх пашкоджанняў, лямпачкі — закрытымі. Скрынка пераключальніка рэжымаў не павінна лёгка прагінацца. Работу гірлянды трэба праверыць загадзя перад тым, як яе вешаць, звярнуўшы асаблівую ўвагу на праблемныя месцы: злучэнне дрота з адаптарам, пераключальнікам рэжымаў, з лямпачкамі. Дзецям давяраць гірлянду адназначна не варта.

Хоць гірлянда на ёлцы прыгожа зіхаціць у цёмны час сутак, катэгарычна забараняецца пакідаць яе без нагляду на ноч. Як правіла, на сертыфікаваных гірляндах у пашпарце прапісана, колькі гадзін яна можа працаваць без перапынку. Напрыклад, у той, якой карыстаецца аўтар гэтых радкоў, прапісана: пасля 6 гадзін работы павінна наступаць 18 гадзін перапынку.

Ну і, вядома, не трэба грувасціць на ёлку з уключанай электрычнай гірляндай тое, што можа загарэцца, — цацкі з лёгкіх на загаранне матэрыялаў, абкладваць яе ватай, ставіць побач падсвечнікі са свечкамі. Любы неасцярожны рух можа прывесці да пажару.

Найлепшае месца — у куце

Лясная прыгажуня можа важыць пару-тройку дзясяткаў кілаграмаў, а вось перакуліць яе вельмі лёгка як малому, так і хатняму гадаванцу. Таму для масіўных дрэў лепш або набыць спецыяльную крыжавіну, або проста паставіць яго ў вядро з пяском. Вельмі важна перад тым, як адпраўляцца на кірмаш, ведаць максімальна дапушчальныя габарыты дрэва. Галінкі і верхавіна не павінны датыкацца да столі, сцен, мэблі. Таксама не трэба ставіць ёлку ля ацяпляльных прыбораў: з-за гэтага дрэва толькі хутчэй высахне. І не забывайце вымятаць хвою, якая будзе абсыпацца з натуральнага дрэва.

— Варта перад набыццём разлічыць адлегласць і да дзіцячага ложка — уначы аб'ёмны сілуэт дрэва можа спалохаць малога, — кажа Алена Дзмітрук. — Таму самае ўдалае месца для ёлкі — гэта максімальна аддалены ад праходу куток, дзе на падлозе не ляжыць дыван. Там яна не будзе нікому перашкаджаць. Нават калі ёлку выпадкова закрануць падчас дзіцячай гульні, яна не ўпадзе і нікому не прынясе шкоды.

Як бачым, асноўныя правілы бяспекі на навагодніх святах не такія і складаныя для выканання. Галоўнае — прыкласці невялічкія намаганні, і тады доўгачаканыя дні не азмрочацца непрыемнымі сітуацыямі.

Чытаць на сайце газеты "Звязда".



Назад
Министерство
Законодательство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть

Территориальные управления

Закрыть