image description

МЧС Республики Беларусь

На цёплым баку печы ("Рэспубліка")

343

На цёплым баку печы

Верасень пакуль шчодры на цёплае надвор’е. Але халады ўжо не за гарамi, а з iх прыходам пачнецца ацяпляльны сезон. Дзеля агульнага дабрабыту ён патрабуе выканання простых правiлаў пажарнай бяспекi. Неабходна пабялiць печ, каб выявiць расколiны, прачысцiць комiн, пакласцi металiчны прытопачны лiст, не захоўваць запас дроў у доме i, калi магчыма, устанавiць аўтаномны пажарны апавяшчальнiк. Карэспандэнт «Р» разам з начальнiкам ПАВЧ № 1 Смалявiчаў Алегам Клiмовiчам паназіраў, як мясцовыя жыхары выконваюць правiлы пажарнай бяспекi.


Галіна ДАЎГАЛЁВА да зімы паправіла печку, расколіны шчодра замазала глінай.

Медны век

— Абследуем жылы сектар i ацэньваем стан патэнцыяльна небяспечных сiстэм, прылад i агрэгатаў, даём практычныя рэкамендацыi i iнiцыiруем перад органамi ўлады аказанне дапамогi людзям, часцей за ўсё шматдзетным сем’ям i адзiнокiм старым, — тлумачыць начальнiк Мiнскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Лапановiч.

Пасёлак Усяж — гарадскога тыпу, газiфiкаваны, у большасцi жыхароў цэнтральнае ацяпленне. У тыпавым двухпавярховiку жыве Алена Яскевiч. Дзецi нядаўна зрабiлi Алене Аляксандраўне рамонт, а з iм паставiлi i новую бытавую тэхнiку. На адной толькi кухнi халадзiльнiк, пральная машына i духавая шафа. Вялiкая нагрузка на электрасетку, з якой былая алюмiнiевая праводка не справiлася б. Супрацоўнiкi МНС яшчэ да ўстаноўкi тэхнiкi рэкамендавалi замянiць праводку на медную. Iх параду пачулi. Мала таго, добры прыклад пераняла i суседка па пляцоўцы — яна таксама замянiла праводку.


Дзеці нядаўна зрабілі Алене Яскевіч рамонт і паставілі новую бытавую тэхніку.

— Пажарныя апавяшчальнiкi ў доме ёсць? — Алег Клiмовiч кiнуў позiрк на нацяжныя столi, на якiя цяпер ужо нiчога i не навесiш.

— Пакуль не, але ў бліжэйшы час усталюем, — абяцае гаспадыня дома.

Нават не абавязкова аўтаномны пажарны апавяшчальнiк мацаваць да столi, можна ўсталяваць яго ў самай верхняй кропцы сцяны. Гэты няхiтры прыбор можа выратаваць жыццё.


Каля печкі у пенсіянера Уладзіміра Яскевіча банка з недакуркамі. Папярэджваем яго: паліць на кухні небяспечна.

Яўгенiя Маркава таксама жыве адна, у прыватным доме. Яна адзiнокая пенсiянерка. Ёй дапамагаюць па гаспадарцы сацработнiкi. На дзвярах халадзiльнiка падказка — выключыць плiту, перакрыць газ. У доме ўстаноўлены лiчыльнiк i аўтаматычныя выключальнiкi. Пажарных апавяшчальнiкаў няма. Гэты момант Алег Клiмовiч узяў сабе на заметку.

У самай свежай шматпавярхоўцы пасёлка жыве шматдзетная сям’я Сцяпурка. Увесь пярэднi пакой у абутку. Шасцёра дзяцей па лаўках: хто спiць, хто абедае, хто ўжо падсілкаваўся — шумна гуляе ў зале. Вось вярнулiся з урокаў i старэйшыя дзецi. У кватэры ўжо на момант здачы дома ў эксплуатацыю былi ўсталяваны пажарныя апавяшчальнiкi i газавы сiгналiзатар. Алег Клiмовiч раздаў дзецям яркiя размалёўкi, дзе ў гульнявой форме распавядаюць аб правiлах пажарнай бяспекi.


Алег Клімовіч дорыць дзецям тэматычныя размалёўкі.

Халады блiзка

Вёска Шпакоўшчына. Рыжы сабака снуе на ланцугу па кругу, злосна рыкае. Ён не рады гасцям. Уладзiмiр Яскевiч супакойвае чацверанога вартаўнiка, запрашае прайсцi ў дом:

— Сам печку таплю, пакуль сiлы ёсць яшчэ. Унукi пару разоў на тыдзень прыязджаюць, ды i сын жыве ў iншым канцы вёскi.

Прытопачны лiст шырокi, ужо зношаны, але галоўнае — ён ёсць. Праводка схаваная ў сценах — дрэнна. Каля печкi — банка з недакуркамi. Алег Клiмовiч таксама яе прыкмецiў i падказаў гаспадару дома, што палiць на кухнi небяспечна, ды i для здароўя дрэнна. Уладзiмiр Яскевiч усмiхаецца:

— З 17 гадоў палю, а ўжо восьмы дзясятак пайшоў, позна кiдаць.


Аўтаномны пажарны апавяшчальнiк мацаваць да столi не абавязкова, можна ўсталяваць яго ў самай верхняй кропцы сцяны.

Яго суседка Галiна Даўгалёва — дачнiца. Печку падрыхтавала да зiмы, расколiны шчодра замазаныя глiнай. Вось гэта належны падыход. Дарэчы, за 2019 год на тэрыторыi Смалявiцкага раёна адбылося 92 пажары, i на першым месцы з прычын менавiта няспраўнае пячное ацяпленне, толькi потым ужо неасцярожнае абыходжанне з агнём, напрыклад курэнне ў ложку.


У гэтым годзе ў Мінскай вобласці амаль 500 дамоў атрымалi абноўленую электраправодку.


Прыярытэт ратавальнiкаў — праца з насельнiцтвам.

Сяргей Лапановiч растлумачыў карэспандэнту «Р», што ў большасцi пажараў вiнаваты праславуты чалавечы фактар, таму прыярытэт ратавальнiкаў — праца з насельнiцтвам:

— За восем месяцаў гэтага года работнiкi органаў i падраздзяленняў па НС Мiнскай вобласцi наведалi больш чым 88 тысяч домаўладанняў i кватэр грамадзян. За гэты час амаль у 500 з iх выкананы работы па рамонце печаў i столькi ж дамоў атрымалi абноўленую электраправодку. Больш чым у трох тысячах домаўладанняў былi ўсталяваны аўтаномныя пажарныя апавяшчальнiкi, а ў 17 шматдзетных сем’ях — яшчэ i сiстэмы перадачы паведамленняў пра пажар з дапамогай сеткi сотавай сувязi. Зараз мы iнiцыiруем пытанне распрацоўкі і  набыцця бранзалетаў i кулонаў, якiя адным нацiскам дазваляюць перадаць сiгнал аб бедстве. Такiмi прыладамi можна забяспечыць асобныя катэгорыi грамадзян, напрыклад адзiнокiх пенсiянераў.

Чытайце таксамаТУТ

Искать похожие новости:

Будь готов

Другие новости


Назад
Министерство
Законодательство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть

Территориальные управления

Закрыть